Даліны, пералескі і узгоркі
Вітаюць шчыра кожны крок байца.
Ад пылу пасівелі гімнасцёркі,
А шляху не прадбачыцца канца.
Мурожныя лугі, жыты густыя
Навокал перад зрокам паўстаюць.
Застылі сосны, быццам вартавыя,—
Маўкліва чэсць салдатам аддаюць.
Напэўна, ўжо твае самлелі б ногі,
Калі б адзін ты столькі вёрст прайшоў.
Напэўна, ўжо зваліўся б ад знямогі,
Каб поруч не было таварышоў.
Хай спёка ўлетку, хай мяцель зімою,
Не стомішся ў дарозе ні на міг,
Пакуль сваёй салдацкаю рукою
Ты адчуваеш цвёрды локаць іх.