У травы
Забіраюць правы —
Хіба гэта не бачыце вы?
Аграмады няўмольных будоў
Выцясняюць траву з гарадоў.
Рэчка чорная ўдаль плыве
Па траве, па траве, па траве...
Пашырае ўладанні свае —
І няма берагоў у яе.
І кладзецца сцяблінка травы
Пад асфальт, як пад танк,—
Радавы.
І здаецца, па дзірване
Перагрэты прайшоўся прас.
І зубром згаладалым мне
Зарычаць падмывае падчас.
На душы — каменнем туга,
Бо мурожнага астраўка
Не знаходзіць мая нага,
Не знаходзіць мая рука.
Я хвалююся, як і вы,
Нахіляючы галаву:
У травы
Забіраюць правы...
Заступіцеся за траву!