Натоўп, нібыта ў бляху,
Стукоча:
— Туп-туп!..
У бубен сэрца бахае:
Пара пачаць уступ.
Рэклама так дрыготка
Дзярэ каля двара
Неонавую глотку:
— Пара, пара!
Гадзіннікам пясочным
Уступ у цырк.
Па аднаму прасочваемся:
— Цырк-цырк...
Бясконцым ціснем цугам,
Трашчыць праём дзвярны.
Выратавальным кругам —
Манеж маны.
То ўверх, то ўніз арэлі —
Куды нас павядзе?
На цыркавой арэне
Кругі, як па вадзе.
Тут абскакалі планы —
Запамятаць прашу! —
Па выпуску туману,
Па выпуску падману
На кожную душу.
* * *