Ужо туман заслону тчэ —
Завешвае зары акрасу.
А нам здаецца, што яшчэ
Да ночы гэтак многа часу.
І, пазіраючы з акна,
Мы добрую надзею спелім,
Што ўсё-ткі сёння дацямна
З галоўным справіцца паспеем.
Святла, мой дзень, не выключай.
Мы споўнім тое, што мяркуем,
Пакінем поўначы адчай.
Дасеем. Дойдзем. Дабрукуем.
І злучым мостам берагі
Ракі — вірлівай перашкоды
І аддадзім сябрам даўгі,
Якія так гнятуць заўсёды.
І таямніцы ўсіх глыбінь
Мы назавём уласным імем,
Сваіх лятункаў далячынь,
Як нарачоную, абдымем.
Ах, як туман заслону тчэ —
Завешвае зары акрасу...
А нам здаецца, што яшчэ
Да ночы гэтак многа часу.
* * *