Іх упіхнулі штыкамі салдаты
У падзямелле,
Бы ў мех каменны.
Не здарыцца цуду.
Не выкруціць краты.
І галавой не выламаць сцены.
Расталі нават іх твары ўночы,
Постаці толькі цямнелі рухома.
А, пэўна, былі ў іх сумныя вочы,
А, пэўна, былі ў іх любыя дома.
На голас адчаю ніхто не падаўся.
Сціскала ад нейкай нямоглай самоты.
І раптам, нібы перуном па дасе:
— Ідуць самалёты!
— Гудуць самалёты!
Такога не знойдзеш і ў казачным цудзе
Ці чулі вы,
ці бачылі людзі
І камуніста і камсамольца,
Якія на неба,
на неба моляцца?
Не пацямнелыя і ў цямніцы,
Не ачмурэлыя і ў бяссіллі,
Не літасці —
грому і бліскавіцы
Чатыры бязбожнікі ў неба прасілі!
О, разрадзіся гневам раптоўным,
Праведнай бомбай, агнём ратоўным,—
Прасілі стаічна,
а не ганебна
Чырвоныя вязні ў чырвонага неба.
І выбухі столь скаланулі грымотна —
Зямля загайдалася, як арэлі.
І перасмыкваючыся дрыготна,
Агнём языкатым «тыгры» гарэлі.
Трэскала неба ў хмарах ірваных.
Бомбы ахвяраў не выбіралі.
Чацвёра шчаслівых,
жыўцом пахаваных,
Пад роднымі крыламі паміралі.