Сыну Святаславу
Не вынаходзіў, а купіў яго —
Двухколага рамізніка свайго...
Цяпер націсну толькі на педаль —
Мяне, як пана, панясеш удаль.
Вядома, ты ракеце не раўня,
Ды пада мною круцішся штодня.
Бяры разгон, рабі свае кругі,
Веласіпед, я твой паверх другі!
Цябе за руль, нібы за рог быка,
Трымаю, каб не даў ты драпака.
Насі мяне, пакуль я не аслаб,
Мой паслухмяны і маўклівы раб.
Хай пазірае з зайздрасцю сусед,
Як гойсае мяне веласіпед...
Увесь вялізны кантынент двара
Я скалясіў — і ўжо дамоў пара.
Чарга і мне адчуць тваю вагу:
Я, гаспадар, цябе, майго слугу,
З натугай узваліўшы на руку,
На свой паверх апошні валаку.
* * *