Выратавальны круг
Пальцы шукаюць дарма.
Быў у мяне друг —
Друга ў мяне няма.
Палацаў паветраных друз
Чарнее ў рэчцы на дне.
Быў у мяне друг —
Друга няма ў мяне.
Воўчым выццём завірух
Вясну памінае зіма.
Быў у мяне друг —
Друга ў мяне няма.
Калі феерверк патух,
Бяда запаліла святло.
Быў у мяне друг...
А можа, яго не было?
* * *