За тыдзень бог зямлю і неба
З такой таропкасцю стварыў,
Што нам пацець вякамі трэба,
Каб неяк знітаваць прарыў...
Свае ўсявышні недаробкі
На плечы нам зваліў, як куль.
Жыццё, нібы пісьмо без кропкі:
Усё пакуль, пакуль, пакуль.
О свет, калі ж цябе мы створым?
Дамы — на час, і мы — на час.
Цябе мы з цемры цягнем к зорам,
Як пераростка ў першы клас.