Забіўшы бога,
Чалавек сам
Уссеў на трон
Валадара сусвету.
І толькі тут адчуў,
Што спраўджаная мара
Стала яго бядой.
...Настолькі падоўжалі рукі мае,
Што імі
Пагладзіў цела Венеры
І нейкай яшчэ
Спакуслівай зоркі,—
За гэта мяне жонка,
Прыраўнаваўшы,
Выгнала з дому.
Сталі такімі відушчымі
Вочы мае,
Што я разгледзеў
У кошыку электронных арбіт
Залатое яечка —
Атамнае ядро...
«Ляцела мышка,
хвосцікам махнула...»
На шчасце, яшчэ
Не ўпала яечка,
На шчасце, на ім —
Залатая вуздзечка.
Мой боскі лёс так невыносна цяжкі,
Як бервяно, што на плячы мурашкі.
А я ўсё прагну даляў і хвалы,—
Такі вялікі і такі малы.