Заслужана ці не заслужана
Свавольніка дакараем,
Што вабіць яго лужына,
Здаецца, марскім раем.
За далягляд на палетак
Сцежкі бягуць сухія.
Чаму ж уладарна гэтак
Водная цягне стыхія?
Шторм уздымаюць вясёлы
(Ажно душа ў пяткі!)
Замурзаныя анёлы,
Мілыя чарцяняткі.
Цешацца, што адужана,
Хоць ледзь не акалелі,
Такая вялікая лужына —
Мора па калені!