Зямля, як ад сухотаў, сохла,
Лінялі
Далі
з кожным днём,
Калі яго высокасць сонца
Не грэла,
а пякло агнём.
Гароду, саду, піве, поплаву,—
Буянству фарб усіх дзяржаў
Схаваны ў промнях
колер попелу,
Самадзяржаўна пагражаў.
Ах, сонца!
Праз твае капрызы
Пад вартаю атрутных траў
Пасаджаны,
Нібы на прысак,
Бурак чырвоны паміраў...
Ды раптам перуны правохалі —
І лівень адшумеў і сціх.
Грымоты сонца не спалохалі,
Бо сонца нарадзіла іх.
* * *