Агорклая ахова палыну,
Які пад ветрам калыхаўся цяжка,
Стагоддзямі трымала цаліну —
Счарнелую самотную манашку.
Зямля, нібы без рошчыны дзяжа,
Нясілела ад пахаванай сілы.
Нарог, твайго ратоўнага нажа
Яна маўкліва з году ў год прасіла!
І толькі я — яе спрадвечны друг —
Ад нематы вылечваю жалеза,
Каб, ачуняўшы, плуг,
Што быў аглух,
Палын пад корань рэзаў, як гарэза.
Прышпорваў я сталёвага каня,
Што бушаваў, нібы гарачы кратар.
Дымок, як грыва, трапятаў штодня,
Ды чмыхаў наздраваты радыятар.
Гудуць і сёння рукі ад руля...
Ды глянь: набухшы ў кожнай баразёнцы,
Цяжарная ўраджаямі ралля
У павітухі запрашае сонца!