З адзежай вешалы стаяць
На тратуары шчыльна збоку,
Пры іх жа прадаўцы глядзяць
І запрашаюць пільным вокам.
Парыж, гуляючы, міне
Нямое гэта запрашэнне,
А я прыстаў, хоць у мяне
Так мала франкаў у кішэні.
Чагось шукаю і гляджу
На куртак розныя калёры,
Яшчэ нічога не кажу
І мне нічога не гавораць.
І вось сярод усякіх фарб
Мільгнуўся колер мне чырвоны...
Кажу я: «Мсье, вось гэта скарб!
Якіх жа варты ён мільёнаў?»
Застыла люлька ў руцэ,
Пагляд усмешкай заіскрыўся,
Свайго ён кліча: «Пэрмэтэ...
Ідзі сюды і падзівіся.
Не хоча іншага — ні ў зуб —
Яму — савецкаму турысту —
Чырвоны колер толькі люб.
Вядома, гэта... колер чысты...»
Руку працягвае ён мне
З вясёлым тварам сімпатычным,
З прызнаннем нашай старане
Пад зоркаю камуністычнай!