epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

«Дарогаю лясною...»

Дарогаю лясною

Ўсё еду, еду я,

Асенняй цішынёю

Жыве душа мая.

Заслуханыя ў восень,

Сасонны маладняк

І веліч ціхіх сосен

Даюць таемны знак.

Гавораць: «Уздымі

Ты вочы ў неба просінь

І сэрцам успрымі

Хмурынак лёгкі шлях,

Пракляццем закляймі

Ўчарашні дым і страх».