Дарожка з вербаў выбегла,
Памчала за сяло,
Як быццам гора выгнала,
Ў бяздолле павяло.
Ляцела, прыпынілася,
Цыгнула за масток,
Мураўкай пакацілася,
Нырнула у лясок.
Зялёнаю красуняю
Трашчала па сучках,
Пастушкаю-пявунняю
Шугнула па кустах.
З лясочка ў жыта роўнае,
Як хваля, паплыла
І жнейкаю працоўнаю
Далёка жаць ішла.
То хусткаю квяцістаю
Між хваляў прамільгне,
То дужкай залацістаю —
Сярпом — на міг блісне.
А як за жытам вольная
Дыхнула сенажаць —
Цябе яна, прасторная,
Ляцела абнімаць.
То стан твой стужкай красачнай
Абніме-абаўе,
Прытуліцца, як ласачка,
Вянок табе саўе.
І так пляла-старалася
Дзявочы твой прыбор,
Пакуль ты не схавалася
Ў далёкі цёмны бор.
Ішла ты борам сумная
Дзіцячаю пятой,
Прыціхлая, задумная,
Забытай сіратой.
Бор ціхім шумам дзедаўскім
Цябе багаслаўляў
І, як бы нешта ведаўшы,
Нічога не казаў.
Як з бору ў поле шчырае,
Разбегшыся, пайшла,
Махнула птушкі крыллямі,
Ляцела, як страла.
А потым бабкай згорбленай
На горку — ў добры час! —
Там дзед гасцінцам з торбаю
Бандураю брынчаў.
У далеч акунулася,
Як з ношкай, пабрыла,
Прыстала, аглянулася,
Слязамі заплыла.
Жабрачкай-папрашайкаю
Ў шырокі свет пайшла,
Няскончанаю байкаю
Нядолю панясла.
Калі ў каптан адзенешся,
Лахманная сям’я?
Калі ж багачкай вернешся,
Дарожанька мая?