Недзе быццам іх бачыў я — русыя вусы,
Акуратны прабор галавы...
Ён як быццам з павагаю кожнага вучыць,
Голас рэзкі, крыху гарлавы.
Мо, сустрэўшыся з ім па дарозе жыццёвай,
Я не раз падзяліўся куском,
Узбадзёраны быў яго бацькаўскім словам,
Яго ветлівым, ціхім смяшком?
Можа, з Горкага кніг ён зазначыўся мігам,
У душы зданню ціхаю стаў?
Можа, вычытан мной з задушэўнае кнігі:
«Як гартавалася сталь»?
Ў будаўніцтве працуе мой даўні знаёмы...
І цяпер за супольным сталом
Сыпле іскры вачамі і кідае громы,
Выглядае суровым арлом.
Я люблю гэту моц, гэту ёмкасць размаху,
Пад суровасцю — ласкі прастор.
Ён — жыцця гаспадар, разважае без страху,
Апускаючы руку на стол.
І закончыў: «А ўсё ж такі мы збудавалі...
Вырас дом, як палац, на суровай зямлі...»
Гэта ж мо за яго мы бакал падымалі
На сустрэчы ў Маскве, у Крамлі?