Мы з табою ідзём да світання
Па разлогах пахучых палёў,—
Я цябе абніму, уквячу красаваннем
Маладых, палымнеючых сноў.
На стомленых веях тваіх
Матылёчкам світанне мігоча,
Гоман ночы глухое заціх,
Яшчэ воддалі бор свергатаці не хоча.
Ветрык мораку пасмы нагнаў, зварушыў
І абняў твой красуючы стан,—
Разаслаўся далінай, паволі паплыў
Малачай — маладжавы туман.
Я вачэй тваіх сінь прыбяру, асвяжу
Каляровай сцюдзёнасцю рос
І на скроні твае смутак свой палажу,
На духмянасць шаўковых валос.
Ведай ты, што у сэрцы сумненняў няма,
Што у ім ты не знойдзеш дакору,
У сумненнях сваіх будзь разумнай сама
Ці спытайся вось гэтага бору!
Асалодзіць наш сум прыдарожны румянак —
Сакавіты, духмяны і горкі,
Аж пакуль не зірне ў сінь туманную ранак
І не згаснуць дрыжачыя зоркі.
У белі твару твайго буду ночы шукаць,
Што яшчэ не сагнала світанне...
Я цябе абніму на расстанні
Там, дзе сосны старыя шумяць...