За акном шуміць Парыж...
Мы на паверсе трэцім —
Прыйшлі сюды пагаварыць,
«Юманітэ» прывеціць.
У шэрай блузе гаспадар —
Рэдактар ён галоўны —
Нам кожнаму руку падаў,
Ды з позіркам вымоўным,
Каб разумелі плыні знак,
Заўсёды салідарнай,
Калі сціскаецца кулак
У поступе ўладарным.
Упэўнена ў вачах гарыць
Работніцкая вера,
Якою дыхае Парыж
Ад часаў Рабесп’ера.
Дыханне полымем расло,
Як штурмавалі неба,
Хоць мараю для ўсіх было —
Зямны кавалак хлеба.
І вось цяпер трывожны тэкст
Гатоўнасці суровай
Гудзе ў радках «Юманітэ»
Набатным, гордым словам.
Аб гэтым нам сказаць быў рад,
Ды з позіркам вымоўным,
Французскі наш таварыш, брат —
Рэдактар ён галоўны.