epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Квас і лапці

У машыне апрача шафёра генерал і я. На дварэ — спякота, такая, што не выратоўваюць нават лясныя цені на дарогах. Едзем пад таўшчэзнымі выноснымі соснамі, як нібы пад раскошным скляпеннем якогасьці храма. І вось хатка пры дарозе — старая сялянская, з малымі вокнамі, з пачарнелай страхою з сасновай дранкі. На парозе ў сенцавых дзвярах стаяў гаспадар хаткі — стары Кузьма, з якім генерал дружыць. Кузьма — сівы, белы, як голуб. Ён у белай саматканай сарочцы, падпяразанай раменным матузком, і ў такіх жа саматканых штанах. Так і стаяў ён у цёмным праёме дзвярэй, як лясны вяшчун, калі спынілася наша машына.

— Ратуй, Кузьма, ад гарачыні, — прамовіў генерал.

— Паратуем... Зараз, — адказаў стары і падаўся ў камору.

Хутка выйшаў да нас. Нёс перад сабою поўны збанок палескага напітку — бярозавага соку, які ўжо зрабіўся квасам. Кубак за кубкам мы выпівалі гэты нектар старога сівавалосага Кузьмы, а ён глядзеў на нас з усмешкай на сваім суровым, нават строгім твары. Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Квас гэты смачны, яго пах адмысловы, у ім адчуеш не толькі водар бярозы, але і травы з прымешкай сасновай жывіцы. Кузьма дадае да квасу пчалінага воску, што канчаткова робіць яго духмяным, раскошным.

— Ну, то калі, Кузьма, будзеш перасяляцца ў сяло? — спытаўся генерал. — Пара ўжо.

— Ой, не трывож ты мяне, генерал. Дай мне дажыць да канца ўжо тут. Каму я там патрэбны ў сяле? А тут я цябе хоць квасам пачастую. Ён у мяне тут гадуецца за сцяною. Тут усё мне служыць. Жыву ў лесе, а каб хоць раз воўк прыйшоў, а то — не!.. Было, праўда, раз, але гэта даўно...

— Ну што з табой зробіш? Так і быць — жыві... Дзякуем за квас... харошы квас... Бывай здароў, Кузьма...

— Едзьце здаровенькія. Прашу, не мінайце мяне, старога.

Так і пабывалі мы ў ляснога вешчуна Кузьмы, з якім яшчэ не раз давялося сустрэцца. Адну такую сустрэчу я назваў «страшною». Мы загасцілі ў генерала надоўга. Азнаёміліся з мясцовасцю і пачалі самастойна хадзіць па лясных дарогах і нетрах. Пры нас закончылі паглыбленне канала, пабудавалі над ім новы мост, які быў распачаты даўно. У выхадныя дні моладзь з гармонікам ужо ішла ў лес на канал. Там былі танцы на мосце, на белых сасновых дошках. Па сухім ужо беразе прахаджваліся парачкі. А потым быў калектыўны абед пад вярбою, якая свае карэнні апусціла ў канальную ваду. І толькі познім вечарам вярталася моладзь з гармонікам у сяло.

Я пачаў хадзіць па лесе адзін — дзе дарогамі, а дзе і без дарог. Так блукаючы, натрапіў на страхоцце. Яно ішло па беразе даўняй канавы, ужо зарослай травою, лазнякамі і чаротамі. Толькі сцежка была сухая, яна вілася па даўнім насыпе. І вось здалёк пачало набліжацца да мяне страхоцце. Яно ішло на дзвюх нагах, але галава не была чалавечай. Можа, гэта які-небудзь бык ці лось абвесіўся галінкамі, якія апускаюцца аж да зямлі.

Страхоцце няўмольна насоўвалася на мяне. Я спыніўся, глядзеў і нават пачаў думаць: «Можа гэта мне здаецца так? Можа гэта гульня ўяўлення?» Але не. Страхоцце рухаецца наперад — проста на мяне. Што гэта за цуд? І вось гэты «цуд» стаў перада мною. Я гляджу і вачам сваім не веру. Надраныя палоскі лазовай кары шапкаю звешваюцца з галавы, аднак, сапраўднага чалавека. З-пад лазовай шапкі вытыркаецца толькі нос, і з-пад сівых броваў глядзяць цёмныя лясныя вочы. Яны ўсміхаюцца, глядзяць на мяне здзіўлена.

— Не пазнаяце? — жартоўна прамовіла страхоцце.

— Ай... Дзядзька Кузьма! — спахапіўся я. — Ах вы, чарадзей, лясны чарадзей!

— Вось і напалохаў вас... Напалохаў?

— Можна сказаць, што трошкі было... было...

Мы абодва доўга рагаталі.

— Вось нараблю сабе абутку, хопіць мне ўжо на лета. А там — зноў надзяром...

І вось тады я заказаў дзядзьку Кузьме, каб ён сплёў і мне лапці-лазовікі.

Кузьма доўга не верыў, ці я праўду кажу, ці жартую. Доўга трэба было гаварыць, каб пераканаць дзядзьку, што я не жартую.

— Ну, калі так, спляту вам ужэ... гэтыя лазовікі. Як будзе ехаць генерал ля маёй хаты, кіну яму ў машыну. Добра?

— Добра.

Так яно і сталася. Я даў дзядзьку Кузьме тры рублі, і ён быў вельмі рады.

— О, на махорачку мне ўжэ хваціць...