Цвіце вясна, а мой раманс
Расплыўся жалем над зямлёй,
Як кучаравісты туман,
З вячэрнім шэпчацца быллём.
Настрой душы звініць: люблю...
Бярозы ўздых над галавой
Маю юнацкую жальбу
Зяленіць руннаю травой.
Бярозы іншай чую ціш...
Краса яе кранула скронь...
З імглою месячнай ляціць
Павеву зорны, ціхі сон.
І твару бель, і шоўк валос,
І вочы кажуць: «Маладзей!
Бо вецер жару не разнёс
З тваіх расхрыстаных грудзей!»
Нашу я маладосці спеў,
На сэрцы — зорныя сляды,—
П’ючы з жыцця любоў і гнеў,
Я буду вечна малады!