Нас зараз звяжуць. Мы пайдзём
Спякотай дзён да зорнай мэты,
Цярністым шляхам пабрыдзём,
У гарт адзеты.
Трымайся стройна!
Хай кайданы звіняць,
Няхай агні ў грудзях бурляць,
А ногі... хай ідуць спакойна!
Шабляў бліск
І ляск напытаў,
Нагаек свіст
Ў руках наймітаў —
Не страшны нам!
Мы шлях цярэбім к новым дням...
Мы чуем —
Полымя вачэй
Яшчэ прарвецца ў бунт магутны,
Яно маланкамі бічэй
Разрэжа тых,
Хто сплёў нам путы.
Нас недарма зямля паслала
У навальнічны авангард,
Цярплівасць нам дала і гарт
І наказала:
«Быць інжынерамі барыкад
І трон
Валіць
На скон».
З адвагай, горда,
Непакорна
Сей іскры ворагу на страх.
Хадою — цвёрда,
Сэрцам — зорна!
Гучней, наш марш, вышэй, наш сцяг!