Памяці генерала Даватара
Ноч і снег... І пажары... Віхурай — галоп...
За плячыма ў змаганні народ і Масква...
— Гэй жа, хлопцы мае, дык ударым назло,
Каб скацілася ў немца з плячэй галава!
То не сосны над шляхам мяцежна шумяць,
Не маланкі ўзрываюць навіслыя хмары,—
Гэта гулка дрыжыць ад капытаў зямля,
А навокал пажары, пажары...
Шлемаў зорных імчыцца магутная раць,
Перад імі герой — на ім бурка, папаха,
Шабляў вострых клінкі жарам бітвы гараць,
А ў душы — ні сумненняў, ні страху.
Не відаць па-за хмарамі ззяючых зор...
І куды ж паляціць твая сіла героя?
Зрокам сокала мерыш ты буйны прастор,
З бурай ў сэрцы, закованы ў зброю.
— Я змагацца лячу за Савецкі Саюз
Ў сакалінай нястомнай пагоні,
Я змагацца лячу за цябе, Беларусь,—
Твой народ у жахлівым палоне.
Мы Краіне трывожныя клічы пашлем,
Ўсіх узнімем на бой ўсенародны,—
А Масква ў шумным ветры свой голас услед:
«За Айчыну! Адважна і горда!»
Гнецца лес. Ён на родных шуміць рубяжах.
Шаблі тнуць, коні рвуць па руіне,
Немцы покатам густа на снезе ляжаць —
На шырокай на рускай раўніне...
Ўжо народнае помсты агні паплылі
Пад нагамі чужынцаў праклятых...
…....................................................................
Сярод гукаў гарматных, дрыжання зямлі
Мне легендаю сніцца... Даватар.