Казематы,
Адзіночкі —
Адна за другой,
Адна за другой...
А ў іх —
Заржаўленыя краты,
Заржаўленыя ложкі
І успамін
Аб звоне ланцугоў.
Цяпер
Тут пуста ў змроку...
І толькі сонца
За акном
Трапечацца ў лістах,—
Ведаю,
Да болю пазнаю
Ў тым клёне і бярозцы
Дрыжанне сэрца чалавечага ў цісках.
І часам
Вось здаецца,
Што нехта ў глушыні
Ў задуме ходзіць за дзвярыма,
Што нехта сэрцам
Марыць-сніць,
Пахілены над думамі сваімі.
Іду. За мною калідора рэха.
І пусташ
Адзінокая, як сон.
Ці думаў я,
Што дарасту да ўцехі,
Каб слухаць без знямогі,
Як рэвалюцыі набатны звон
Плыў да перамогі.
Слава тым,
Што да народа шлях прабілі
І за яго пайшлі
Да руднікоў
Кайданных і крывавых,
Да дальніх тундраў
Царскае Сібіры,
Да цытадэлі
Польскае Варшавы!
І дума ціхая плыве,
Як водгалас жыцця
Далёка за сцяною;
Яна спяшалася гарэць
І трапятала лістам,
Калі, зняволеных турмою,
Вялі на смерць
Іх першых — дзекабрыстаў?
Ульянаў Аляксандр,
Баўман
І Горкі,
А вось яна —
Ў вянку цярністым — Фігнер...
Ў вачах усіх гарыць
Чалавечая
Любоў і праўда,
І чую толькі,
Як недзе шум задумна ціхне.
Адыходжу,
Як быццам расстаюся
З даўнім, перажытым.
Я ведаю, не раз яшчэ
Душой сюды вярнуся,
Як рэха у глушы забытай,
З сардэчным словам: Чэсць!