Вясна мая! Цябе чакаў я доўга
І плыў на хвалях вогненнай тугі.
Крамністаю была ўся нашая дарога,
А рукі кволыя вязалі ланцугі.
Вясна мая! Прыйшла ты нечакана
У дзень задухі, болю і трывог,
Прыйшла ты, пышная, вітаннямі убрана,
Што аж цябе за раз душой абняць не мог.
Іду я днямі, сню, цябе ў душу ўбіраю,
Іду праз людскіх мар цудоўны сад,
І на слядах сваіх свой позірк я спыняю
Дарогай схіленых, задуманых прысад.
З усмешкай люд глядзіць на сонечнае ранне...
Бывай, бяда — ярэмны скрып тугі!
Народных дзён прастор і сэрцаў ракатанне
Нясе на шлях ударныя сцягі.
Мы не забудзем дня, калі шумлівым ходам
Ішлі байцы... Як расцвіла зямля!..
Вясна мая! Шумі ж ты карагодам,
Каб кожны міг цябе у песнях праслаўляць.