Баюся гаварыць я аб тваёй красе...
Рыбак шануе гэтак рыбную хвілінку,
Не спудзіць вецер гэтак яблынькі галінку,
Лясную рань у ціхай сонечнай расе.
Знаёмай казкаю ты зноў расцеш,
Вандроўнік я, не ведаю спачынку.
Няхай жа мне прытульную часінку
Тваё лясное лона прынясе.
Хоць і не прыйдзе тая, што ўцякла ад пана
Некалі з прыгону — «дзеўка ад кудзелі»,—
Кінулася ў хвалі рана на Івана...
...Ў тонях срэбны месяц. Стыне лесу веліч.
Нехта ўсё ўздыхае цяжка, несціхана...
Можа ён, Міцкевіч?..