epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"А птушкі знікаюць..."

* * *

А птушкі знікаюць...

Не верце

Паклёпніцкім слухам такім.

На стомленых крылах праз вецер

Вяртаюцца з поўдня гракі.

 

Навошта у верш прывалок я

Вясёлае племя гракоў?

Па вушы, па вочы, па локці

Мяне засмактаў неспакой.

 

Мне блага з-за нейкіх падманаў,

І тупае злосць за сцяной.

Імгла сакавіцкім туманам

Стаіць між табою і мной.

 

І я ўжо бажуся: забуду

І нават у сне не прысню

Сваю дарагую зануду,

І праўду яе, і хлусню...

 

Пасля каламутных мяцеліц

Мы ўдвух ля акна памаўчым

І скажам: «Гракі прыляцелі...»

Саўрасаў, ты тут ні пры чым.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан