epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"А радасць — не шумлівая..."

* * *

А радасць — не шумлівая,

А шчасце — сарамлівае,

Бяда — зусім маўклівая,

І так, я пра цябе...

 

Называў бяздоннымі,

Не было ярчэй.

А цяпер бяздомны я

Без тваіх вачэй.

 

Не таму, што вычарпаў

Сіняву да дна.

Колькі гора выцерпеў,

Знаеш ты адна.

 

Бачу твар, ды толькі

Ён, як зімні дом,

Раўнадушным тонкім

Пакрыты ільдом.

 

Нас, відаць, сурочылі,

Як ішлі мы ў бор,

Балбатня сарочая,

Бабскі нагавор.

 

Я не весялюся,

Хоць і не крычу.

Дзе я пасялюся,

Лепей памаўчу.

Як няўтульна сёння,

Хоць бы грымнуў гром...

Пашлі, божа, сон мне

Пра той сіні дом.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан