* * *
А сонца цябе прасмаліла,
Ты пахнеш чаборам,
сасной.
А тут яшчэ спее маліна
На ціхай палянцы лясной.
Забудзь падрабязнасці быта,
Будзёншчыны потны рэжым.
Нырнём
у лясоў першабытнасць,
А можа, ў дзяцінства збяжым.
Ах, словы,
высокія словы,
Ва ўзнёсласці — фальшу налёт.
А ёй бы пад ветрам сасновым
Пазбавіцца вечных турбот;
Ад кухні заўжды цеснаватай,
Адкуль толькі сцены відны,
Сябе я адчуў вінаватым,
І горка ад гэтай віны...
Асеннія будні нахлынуць,
Ты ў кухні цішком запяеш:
Успомняць чабор і маліну
Пабляклыя вусны твае.
1973