epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Адзінота

Што такое антыматэрыя?

Голас мёртвага салаўя,

На магнітную плёнку запісаны.

Акіян урываецца з гулам

У пакой мой,

Завалены кнігамі.

З джунгляў выскачыў

Тыгр паласаты,

Сігануў у напрамку буфета...

Зноў ажыў пахаваны акцёр,

Пазірае жулікавата

І стараецца рассмяшыць

Старажытнымі прэснымі жартамі.

Потым лектар пра сувязь з жыццём,

Аб маральным абліччы бубніць;

Сам жа век на лянівай тахце

Хціва лічыць свае ганарары...

Валадар электроннае лямпы,

Годзе прывідны свет выклікаць,

Годзе моўчкі сядзець і курыць

У такой незямной адзіноце...

Ты пра шчасце сто кніг прачытай —

Без яе шчаслівейшы не станеш.

Пра каханне ўсе фільмы прагледзь —

А мацней, чым яе, не палюбіш.

Горад шчодра заліты святлом —

Вочы слепяць мільёны агнёў.

У адным толькі цёмна акне —

А табе ўжо святла не хапае.

Дык пырні ў чалавечы прыбой,

Што на вуліцы голасна плешчацца.

Можа, цёмнае тое акно

Для цябе ў гэту ноч загарыцца.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан