epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Агонь

Я столькі бачыў агню,

Я столькі бачыў пажараў,

Што часам пра цішыню

Неяк збянтэжана мару.

 

Не пра цыбульны загон,

Не пра вішнёвы засценак —

Пра невялікі агонь

І пра вячэрнія цені.

 

Двое ці трое сяброў,

Шчырасць павольнай размовы,

Вецер з лугоў і бароў,

Сіні дымок сасновы,

 

Сала скрылёк на ражне,

Рэчка плюскоча пад крушняй,

І дамаўляемся дружна

Не гаварыць аб вайне,

 

Не дакранацца да ран —

Мы ваявалі чэсна...

Наіўны самападман,

Сам ад сябе не ўцячэш ты.

 

Толькі агонь шугане,

Толькі мы чаркі напоўнім,

Зноў аб вайне, аб вайне

Абавязкова успомнім.

 

Усе мы ў баях гартаваліся,

І не забыць нам страт.

Многія не дачакаліся

Ні цішыні, ні кастра.

 

Годы мае агнявыя!

Памяць навек устрывожана...

З намі сябры франтавыя

Каля агеньчыка кожнага.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан