epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Акіян

Хоць крышачку,

Хоць кропельку

Пра Афрыку,

Пра тропікі...

 

Я не лішні ў родным доме,

Дзень на плечы ўзвальваю.

Толькі мучыць,

Толькі томіць,

Б’е у сэрца хвалямі

 

Акіян, акіян,

Сіняя Атлантыка!

Восем штормаў у запасе —

Позняя рамантыка.

 

Усе рэкі — сваякі,

І азёры — сваякі,

І ўсе моры — сваякі,

А ён не сваяк нікому.

Дбае пра мацерыкі,

Запасае на вякі

Корму.

Ён любіць найбольш за ўсё —

Маякі,

Чырвонага вока

Мірганне.

А дзеці яго — рыбакі, маракі,

Ахрышчаныя ураганам.

У акіяна сакратаўскі лоб,

Усюды даследчыя фермы.

Задумаўшы новы чарговы патоп,

Ён слухаў Эйнштэйна і Фермі.

 

На сінім гарбе ён сузор’і вязе,

Ды часам сыходзіць з арбіты,

Лухту фантастычную гнеўна вярзе,

Мяне падбівае: зрабі так!

 

Ён любіць навінкі.

Ухопіць за бок

Падводную лодку, «паларысы»

Ды возьме на свой акіянскі зубок,—

І лодка ляжыць у паралюшы.

 

Ён самы славуты калекцыянер,

На дне — шмат музеяў прасторных.

Ён самы багаты акцыянер

У справе тайфунаў і штормаў.

 

Ён можа так страшна, так гнеўна рыкаць

У сотні ільвіных глотак.

Ён можа пяшчотна насіць на руках

Прапашчую самую з лодак.

 

У добрым настроі ён нават плыты

Прапусціць ад краю да краю.

Ды будзьце крыху асцярожней.

Прытым

Пляваць на сівога не раю.

 

Убачыць: знаёмы плыве капітан —

На міг карабель загайдае

І гонкі дэльфінаў наладзіць.

Кітам

Арбітрамі быць загадае.

 

Ды мае і слабасці грозны стары:

Прыбоямі цешыць ён Афрыку.

Яе агнявая натура гарыць,

Спявае стазвоннаю арфаю.

 

І гэты сівы уладар навальніц —

Скажу па сакрэту вам шчыра,—

Ля ног сенегалак ён падае ніц,

Як самы бязвольны мужчына.

 

А хлопец прысядзе па цёплай жарстве

З дзяўчынай,—

І ён зараўнуе:

Нахмурыцца раптам,

Як бык, узраве

І мірны заліўчык зруйнуе...

 

Сустрэліся пяць мы, здаецца, разоў,

Пражыў з ім увогуле з месяц,

Ды чую: пульсуе па-новаму кроў

На зорным салёным замесе.

 

На нашых палях — ледзяная зіма,

Я ў нейкай шпакоўні зімую.

Заву акіян,

А яго ўсё няма,

І сэрца па штормах сумуе.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан