epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Акіяніяда

Акіянскія жыхары

звяртаюцца да людзей:

 

«Веды вашы вытканы з туману,

Так, паверхні слой, як пяць на пяць.

Поўныя сакрэтаў, акіяны

Побач з вамі то равуць, то спяць.

 

Глыбака, ва ўтульных катакомбах,

Форумы праходзяць часта ў нас.

Скардзіцца народ на вашы бомбы,

Нас вы ўжо калечылі не раз.

 

Прагнеце расправіцца вы з намі,

Задушыць, расплюшчыць, растаўчы.

Мы сакрэт тайфунаў і цунамі

Разгадаць вам можам памагчы.

 

Знаем мы расклад землетрасенняў,

Вы ж усё аб нафце ды рудзе.

А пад намі вечнае кіпенне

Просіцца да вас,

Ажно гудзе.

 

Ёсць свае ў нас Азіі, Еўропы,

Дзівімся мы з вашых: ну і ну!

Вывучаем вас праз перыскопы —

Сытыя, а вечна — пра вайну.

 

Змайстраваны рэчы вашы груба,

Вельмі прымітыўны ваш дызайн.

І пажартаваць тунцы ў нас любяць:

«Карабель у іх, як дыназаўр».

 

Моладзь ваша зарасла ўся шэрсцю

І слабая целам без лускі.

Як іншапланетныя прышэльцы,

Ловяць нас на вострыя кручкі.

Вогненнай вадою самак пояць,

Самі дрэнь з бутэлек мутных п’юць;

Труцяць сцерлядзь,

А ядуць такое,

Што акулы нават не глынуць.

 

Пішаце пра мора вы кантаты,

Слова ў іх галоўнае — «карма».

А з народам вадзяным кантакту

Ўсё няма...

Ці мудрасці няма?

 

Мы дэльфінаў пасылаем спрытных

У разведку —

Да братоў браты.

Цырк, дый годзе!

Зноў за алгарытмы

Узяліся мудрыя кіты».

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан