* * *
Апалашчуся хвалямі вятроў
І белым воблакам я вочы свае вымыю...
Стаміўся трохі ад сваіх сяброў,
І ад мяне стаміліся сябры мае.
Адвыклі мы ад простых добрых слоў
І перажоўваем штодня старыя ісціны...
Кіпяць дубы ўсхвалёванымі лісцямі
Пад воблачнымі крыллямі буслоў.
Здаецца, ўсё я ў вас адкрыў, сябры,
А тоіце там нешта, дык прытойвайце.
Не страціце ніколі вы прытомнасці,
Як сосны, бурай збітыя ў бары.
Ну колькі тых паэтаў ёсць у нас?
Чатыры альбо пяць,
А ўсё астатняе —
Наіўны сон,
Адна магіла братняя
Няздзейсненых задум тваіх, імклівы час.
І я такі ж няздзейснены,
Такі ж
Недакапаны да вады калодзеж,
А ісціну хлуснёй не пазалоціш,
Яна са мной, як пахавальны крыж.
Чаму мы часта цешымся лухтой?
А вершы — галавешкамі ачахлымі.
Гляджу на воблакі —
І слёзы на вачах маіх,
І добра, што не бачыць іх ніхто.
А нехта ж прыйдзе мудры, як дзіця,
І пазірне туды, куды глядзелі мы,
І пятніцы ўсе зробяцца нядзелямі,
І ў вершах зазвіняць званы жыцця.
1977