epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Апошні дзень вясны і першы лета..."

* * *

Апошні дзень вясны і першы лета.

А дзе мяжа?

Мяжы такой няма.

І ў сцюжу нечай ласкай ты сагрэты,

І ў спёку жыгане цябе зіма.

 

Усё жыццё:

Юнацтва, сталасць, старасць —

Свае адзнакі ў нас пераплялі.

Як юнакі, цяпер мы часам марым,

А ў маладосці сталымі былі...

 

Клянёмся, што жывём усе мы дружна,

Ды першы друг мой дом зусім забыў,

Другі застыў у сытым раўнадушшы,

А трэцяга і сам я разлюбіў.

 

Ідуць гады,

Рады сяброў радзеюць,

А новых мне, напэўна, не знайсці...

На скверах клёны ціхія ірдзеюць,

І хутка цёмным сіверам гусці.

 

Таму хачу надыхацца, нагледзецца,

Напрацавацца да апошніх сіл,

Пакуль не пахісне мой небасхіл

Зімы няўмольнай злая галаледзіца...

 

Жыццё ў бядзе і радасці — адзінае.

Пакой мой заліло

Такое дзіўнае:

То дзеці лісця жоўтага назносілі.

Апошні летні дзень

І першы — восені.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан