epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Асцерагайцеся падробкі

Я помню з сінькаю каробку

Ў кааперацыі старой.

«Асцерагайцеся падробкі» —

Было напісана на ёй...

 

Языкачосаў безадказных

Было у нас калісьці шмат.

Для іх усё бывала ясна

Паводле догмаў і цытат.

 

Я помню вас, сухіх і хмурных,

З мясцінаў розных і гадоў,

Многаступеньчатыя дурні

І дэмагогі ўсіх сартоў.

 

Было адно зярнятка праўды

На сноп развесістай хлусні.

Абы плацілі грошы спраўна —

Не шкадавалі траскатні.

 

А сёння, сёння памаўчыце,—

Нам трэба жыць і працаваць.

«Ура» так гучна не крычыце,

Калі кладуцца дзеці спаць.

 

У час жыццёвай пераробкі

І ўзлёту

Змоўкніце зусім.

Асцерагайцеся падробкі

І верце партыі, не ім...

 

Адкінем прэч мы слоўны грукат.

Цяпер — аб музыцы, ігры.

Люблю вас, чарадзеі гукаў,—

Рахманінаў, Шапэн і Грыг!

 

Ды часта мы ў далоні плешчам

Не тым, не тым...

Кантата. Хор.

Палёт высокі быў абвешчан,

А слухачоў бяруць на змор.

 

Пісаў паэт з вядомым імем,

І праўда быццам, а схлусіў...

З нас кожны песню аб Радзіме

Ў душы пад кулямі насіў.

 

Ірве мелодыю на часткі

Клыкамі белымі раяль.

І сум, як шэры дождж, зашастаў,

І падрабнела раптам даль.

 

О кампазітарская копаць,

Пустой рыторыкі настой!

Тых пышных слоў і гукаў хопіць

Халтуршчыкам гадоў на сто.

 

Хай лепей вальс гучыць «На сопках...»,

Там ёсць жывое пачуццё.

Асцерагайцеся падробкі

Ва ўсім, усюды, ўсё жыццё.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан