epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Асенняя навальніца

Услала пажоўклае лісце дарогі,

Буслам ужо Афрыка цёплая сніцца.

І раптам прыйшла, прыпазніўшыся трохі,

Да нас навальніца.

 

Варочае восень цяжкія грымоты,

І паляць маланкі апошні свой порах.

А ліўні прыбавілі людзям работы:

Купаецца бульба у свежых разорах.

 

Чаму страпянуліся ўсе мы так рэзка,

Нібыта з нас кожны вярнуўся кудысьці...

А хмары ўзрываюцца з гулам і трэскам,

І долу ляціць абгарэлае лісце.

Няўжо пераблытала нешта прырода?

Такая нязвыкласць у гэтым вяртанні,

Нібыта з далёкага нейкага года

Прыслала табе маладосць прывітанне.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан