epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Балконы

У шматгалосым гуле

Заблудзішся парой...

Балконы — шыльды вуліц

І выстаўкі двароў.

 

Наш горад на уздыме,

Дарос да хмараў ён,

І дбаюць гаспадыні

Пра кожны свой балкон.

 

У добрых, рупных жонак

Заўжды святочны лад —

І кветкі, і вазоны,

І дзікі вінаград.

 

Ніхто тут не пярэчыць —

Спявай, іграй, любі.

На вузкія парэнчы

Садзяцца галубы.

 

Тут ранак вельмі звонкі

Гадзін з шасці-сямі.

Як вымпелы, пялёнкі:

Прыбаўка у сям’і.

Заспаную падушку

Абвеяў вецярок.

Дубовая кадушка

На сонцы грэе бок.

 

Высока у надхмар’і

Спакусай дражняць нас

І кумпякі у марлі,

І тузіны каўбас...

 

Прыедзе з вёскі маці,

Нясмела зойдзе ў двор,

А дзе дачку шукаці —

Муры тут вышай гор.

 

А гляне на балконы —

І сэрца запяе:

Па посцілцы чырвонай

Кватэру пазнае...

 

Стаю ў двары зялёным,

Сумую нездарма:

Няма ў мяне балкона

І маці ўжо няма.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан