epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Бедуіны

Бачыў я ў Афрыцы каля Сахары,

Як спрытна вярблюдзіц даілі

З гордасцю непрыступнай на твары

Чорныя бедуіны.

 

Здаецца, бяда:

Спякота,

Пустыня,

Гнеўнае сонца,

Пыл.

Вятры гарачыя і густыя

Гудуць,

Як тэлефонныя слупы.

 

А ў бедуінаў

З пустыняй

І злітнасць, і роднасць.

Як у нас з нізінамі і далінамі...

Мы не ў Сахары,

Ды выпаўзае мода

Быць тубыльнымі бедуінамі.

 

Пакінуў жонку,

Жонка пакінула,

Суседзі дачу будуюць —

Крах... Катастрофа...

Планета загінула...

Нашы бедуіны бядуюць.

 

Не дасталі махеру

Ці нейкай дублёнкі,

Не прыслалі машыну,

Каб з’ездзіць на рынак,—

Забедуінілі

Нейчыя жонкі.

Вы чулі плач бедуінак?

 

Паслухалі хітры замежны голас,

Прагная зайздрасць

Дурных прыдавіла:

«Ні кока-колы.

Ні жвачкі.

Гола...» —

Шэпчуць цішком бедуіны.

 

У мяне прыяцель калісьці быў,

Слёзна бажыўся,

Што будзе іншым,

А потым ізноўку

Горка запіў.

Бедуінчык.

Бедуінам сапраўдным

І пустыня — казырная карта,

У іх разумныя кемныя твары...

А нашых бедуінаў

І бедуінак смаркатых

Я паслаў бы

Павандраваць

Па Сахары.

І падаіць

Вярблюдзіц.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан