epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Беларускія шрыфты

Мы адступалі з Бранскага паспешна,

Машыны буксавалі у гразі,

І навісала тая непазбежнасць,

Калі ці памірай, ці дрот грызі.

 

І трэба ж нам было перавярнуцца,

Шрыфты, вярстаткі — у начную гразь.

А ў Мінск за імі нельга нам вярнуцца...

Крычым: «Аб’едзь ці на падмогу злазь».

 

Няхай шафёры крыюць хрыплым матам,

І цягнецца там хтось да кабуры,

А ты на плашч-палаткі, як зярняткі,

Ўсё да апошняй літары збяры.

 

Асенні вецер звар’яцела гойсаў,

Пякло душу: «Няўжо не давязём?»

І рускі наш таварыш Віктар Гольцаў

Мачаў далоні ў тлусты чарназём.

 

Сабралі, і давезлі, і адмылі ўсё

Старанна газай

Для наборных кас,

І ў Беларусь, дзе ўся зямля дымілася,

Газета наша даляцела ў час.

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан