epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Бойні свету у крыві і сале..."

* * *

Бойні свету у крыві і сале,

На садах зямлі — атрутны пыл.

Колькі раз гісторыю пісалі,

Кожны набіваў на свой капыл.

 

А яна жыла, і бунтавала,

І сама тварылася сабой,

Нараджала, раны бінтавала,

Памятала ўсё пра кожны бой...

 

Кожны дзень, не ведаючы зморы,

Пра вайну расказвалі дзяды;

Везлі ўнукаў у Хатынь да гора,

Чорныя паказвалі сляды.

 

Дзеці за падручнікі заселі,

Дыхалі віхурамі атак.

І чаму — яны не разумелі —

Сумна ў гэтых кнігах і не так.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан