epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Боль Сербіі

Шумадзія — сэрца Сербіі

І боль яе невыносны.

Нізіны — таполі срэбныя,

Горы — чорныя сосны.

 

Але чарнейшы за дрэвы

Быў дзень,

Як стралялі дзяцей...

Народная памяць не дрэмле,

Яна ўсё ясней і чысцей.

 

Хацелі бацькоў запалохаць,

Забралі са школы малых.

Вялі іх між гор Сінім логам,

Дзе восені пах і смалы.

 

Спакойна ішлі пяцікласнікі

На гібель,

На верную смерць...

У хмарныя дні і ў ясныя

Бяссмерцю тут вечна гарэць.

 

Назаўтра усе цыганяты —

Чысцільшчыкі ботаў чужых —

Пакінулі звычны занятак

У чэсць аднагодкаў сваіх.

 

Не чысціць забойцаў,

Не чысціць!

Закідаць гразёй гэту дрэнь.

І брудныя боты фашыстаў

Былі у крыві цэлы дзень.

 

I вось наляцела расплата:

Паблізу ад сербскіх сяброў

Адважныя цыганяты

Палеглі ў скрываўлены роў.

 

Літасці не прасілі,

Ворагам слалі праклён...

Дэсанка,

Дэсанка Максімавіч,

Паклон Вам,

Нізкі паклон!

Не знаю, ці ўдасца нам стрэціцца

Ізноўку ля Савы-ракі.

Агнём незгасаючым свецяцца

На помніках Вашы радкі.

 

Штогод пачынаюць званкамі

Тут Школьны Вялікі Урок.

А людзі з вянкамі, з вянкамі

Сцішаюць жалобны крок.

 

А полымя ружаў і макаў

На ўсіх кантынентах відно.

І я над магіламі плакаў

І піў з цыганамі віно...

 

Мы памяці мёртвых не здрадзілі,

Навечна спляліся яны —

Званочкі журботнай Шумадзіі

І нашай Хатыні званы.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан