epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Буслы, буслы...

* *

Калі лятуць чароды птушак з поўдня,

Аднойчы настае бусліны час.

Прастор дзіцячым крыкам перапоўнен:

— Буслы, буслы...

Вясна прыйшла да нас!

 

* *

Хлусня, што пад капустаю знаходзяць

Малых,

І ты забудзь пра гэты слых.

Нам,

Каб жыла сям’я ў добрай згодзе,

Дзяцей прыносяць белыя буслы.

 

* *

Дзіця і бусляня.

І сонечны сланечнік.

Як добра ім на хвілю падружыць.

І кожны з іх

І вечна, і сардэчна

 

* *

Ёсць добрае буслінае каханне.

Буслянка — гэта школа выхавання:

Як жыць, дружыць

І ў вырай адлятаць...

І нам з буслоў не сорам прыклад браць.

 

* *

Няма радзімы без бацькоўскай хаты;

Бусліны клёкат — гэта родны дом;

Ты будзеш жыць шчасліва і багата,

Калі над хатай — буслава гняздо.

 

* *

А летнім днём блакіт нябёс бясконцы

І воблакі — мелодыя без слоў,

І над зямлёю роднай наша сонца,

І крылле прамяністае буслоў.

 

* *

Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,

Як на зямлі прадзюбнецца трава.

Без чалавечай і буслінай вернасці

Няма ні дабрыні, ні хараства.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан