epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Было ўсё неба нада мною..."

* * *

Было ўсё неба нада мною,

А пада мною ўся зямля.

Жыццё нялёгкае, зямное

Я знаю зблізку, не здаля.

 

І шлях цяжкі мне быў пад сілу,

Хоць ён з выбоін і канаў,—

Па ўсёй зямлі мяне насіла

Жыццё,

І стомы я не знаў.

 

І думаў я, што будуць вечна

Высокі дзень, і пругкі крок,

І песні тыя, і надрэчны

З аерным пахам вецярок,

 

І найдрабнейшыя праявы

Вясны, і лета, і зімы.

І любы зноў мне тыя стравы,

Што у маленстве елі мы.

 

І хоць былі мы ўсе галота,

Ды мяккая расла трава,

І быў гарачы пах жніва.

І водар кропавы гарода...

 

Я ў памяці дзень цэлы рыўся

І з болем зноў перабіраў

І тых, з якімі пасварыўся,

І тых, з якімі памірыўся,

І тых, якім не дараваў;

 

І тых, каму заўсёды верыў,

А болей — самых лепшых, тых,

З якімі разам перамераў

Гады, трывогі і франты.

 

Вы так цяпер мне ўсе патрэбны,

Сябры, дарогі, гул бароў...

Глядзіць палоскай вузкай неба

З-за двух агромністых муроў.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан