epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Хмары плаваюць над намі..."

* * *

Хмары плаваюць над намі,

Зеляніна ўсё радзей.

Раз’яднанне, раз’яднанне

Дрэў, і птушак, і людзей.

 

Лісця жоўтае кружэнне,

Насцярожанасць травы.

Адчужэнне, адчужэнне

Ад высокай сінявы.

 

Гром апошні раз прагрукаў...

Дзе самоту мне падзець?

Ток і лазня, печ і грубка,

Вы ядналі век людзей.

 

Што людзей яднае зараз?

А ўсё тое ж: поле, цэх.

Часам чара, часам кара,

Часам грэх, а часам смех.

 

А суседзі сына жэняць,

Тут не восеньскі настрой...

Лісця жоўтае кружэнне,

Спелы яблычны настрой.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан