epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Цяжкое партызанскае качэўе..."

* * *

Цяжкое партызанскае качэўе,

Ад выбухаў у лесе ўсё гуло.

У цёмных ямах, у глухіх карчэўях

Хавалася ад карнікаў сяло.

 

Там маці маладая з белым скруткам,

З дзіцём, сядзела ў роспачы цяжкой;

Таўкала ў рот яму худую грудку,

Бязбожніца, малілася цішком.

 

І кожны думаў: выдасць, выдасць крыкам,

Але ні слоўца, ні папроку ўслых.

Маўклівай просьбай, страшнай і вялікай,

Здавалася, гарэлі вочы іх.

 

Праз дзень ці два не трэба ўжо хавацца,

І так усім хацелася ім жыць.

І на парозе чорнага вар’яцтва

Яна была гатова задушыць...

 

Прайшлі гады...

Глядзіць на сына з ласкай:

Высокі, дужы, і два ўнукі ёсць;

Расказвае малым, нібыта казку,

Пра партызан, блакаду, маладосць.

 

Гатуючы сняданкі і абеды,

Перабірае ў памяці гады.

І кожны раз жахаецца кабета:

«А што, калі б?..» — і млее ад жуды.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан