epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Даруй, жыццё, што ў слабасці часовай..."

* * *

Даруй, жыццё, што ў слабасці часовай,

Калі імгла мне засцілала зрок,

Я горкія разгубленыя словы

Бяздумна устаўляў у свой радок.

 

Яны мой боль, яны не мой характар,

Я не хвалюся, толькі знаеш ты,

Які цяжар на абгарэлых трактах

Узвальвалі на сэрца мне франты.

 

І, ходзячы цяпер пад мірным сонцам,

Захліснуты агнём касмічных спраў,

Ніяк я не магу ўявіць бясконцасць,

Я ўсё яшчэ ля дымных перапраў.

 

І ў чалавека грэшнага я веру,

І на памылках дробных не лаўлю.

Ні птушцы, ні затуканаму зверу

Я кулю аніколі не пашлю.

 

Я дзякую жыццю і ганаруся,

Што быў заўсёды ў гушчары падзей,

І на змярканні ціхім не журуся,

Што дзень прайшоў, бо ён заўжды ідзе.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан