epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Даверлівая прастадушнасць..."

* * *

Даверлівая прастадушнасць,

Знікай — табе кажу цяпер.

Я вызваляюся ад дружбы

І ад падманлівых папер.

 

Былы мой друг зрабіўся жмотам,

Прыварак чэрпае густы.

Ірву яго старыя фота,

Палю няшчырыя лісты.

 

Не гіне род майстроў нажывы...

А я малюся аб адным:

Не дай мне, божа, стаць ілжывым,

Зайздросным, злосным і старым.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан