epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Добры настрой

Малаверы, песімісты, ныцікі,

Скептыкі і нігілісты худасочныя,

Гляньце, як бушуе

Сонца у зеніце,

Як набраклі слівы

Сокам сонечным.

 

Што вам не жартуецца

І чаму бунтуецца?

Я таксама з вечных бунтароў.

Нашы беды, нашы крыўды забінтуюцца,

Вылечымся мы без дактароў.

 

Можна ў мутным побыце азлобіцца,

У такой складанасці

Трэба жыць прасцей.

І тады на кожным школьным глобусе

Пальма залатая прарасце.

 

Трэба рана ўстаць,

У холад рэчкі бухнуцца,

А няма ракі — нырнуць пад кран,

Каб у душнай і маленькай куханьцы

Адгукнуўся звонам акіян.

 

Перакіньцеся з суседкай

Словам, з ласкаю,

Жонцы пацалунак падарыце,

Пяць хвілін паразмаўляйце ў скверы

З ластаўкай,

Нос малому плаксу падатрыце.

 

Хворага наведайце ў палаце,

Добрае нядобраму парайце,

Бюракрата чэрствага палайце,

Што завёўся ў вашым апараце.

Толькі не падтакавайце бонзе,

Толькі не храбрыцеся пасля,

Толькі не таўчыцеся ў абозе

З гордай незалежнасцю пасла.

Помніце пра ўсе зямныя мукі,

Напрацуйцеся, каб забалелі рукі.

 

Не выдумвайце праблем галаваломных,

Хай вас раўнадушша не саб’е,

І галоўнае,

Галоўнае,

Галоўнае —

Не хлусіце ні народу, ні сабе...

 

Можна раіць,

Можна лаяць.

Верыць можна.

А чаму на сэрцы

Так журботна і трывожна?

 

Патрэбна зубы сцяць,

Змагацца з муццю звыклай,

Каб з нашага жыцця

Бездапаможнасць знікла.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан