epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Дом

Я ў мястэчку ціхім рос,

Далёка ад бога.

Хаты, хаты, хаткі скрозь,

А дамоў нямнога.

 

Дом РК і РВК —

Ён свяціўся ўвечары.

Дом папа, дом разніка,

Дом старога фельчара.

 

Жыў я ў хаце, як і ўсе,

Мне было ў ёй добра.

Дзякуй бацькавай страсе

І акенцам дробным.

 

Падраслі і збеглі мы

У свет велізарны.

І пайшлі, пайшлі дамы —

Інтэрнат, казарма...

 

Адгула вайна.

Ляжаў

Горад мой разбураны,

Толькі мне пакойчык даў,

Порахам абкураны.

 

Весела я запасаў

І ваду, і дровы,

І распальваў грубку сам

У мароз суровы.

 

Пачынае дзень цямнець —

Сам гатую есці.

Не было прыемней мне —

Каля грубкі сесці

 

З добрым другам франтавым

І пачаць гаворку

І аб гэтым, і аб тым,

Ну і выпіць горкай...

 

Так і не прыкмеціў, як

Маладосць прабегла.

Спіна горбіцца мая,

Сівізна налегла.

 

Ад пісання — мазалі,

Стаў крыху вядомым.

І кватэру мне далі

Ў новым добрым доме.

 

Дом ступеньчаты такі,

Быццам дыяграма.

Дом рабілі мастакі:

На паўнеба рама.

 

Ёсць утульнасць і спакой,

Сонца — кожны ранак...

Толькі сніцца мне пакой

У дамку драўляным.

 

Сесці б вечарам ізноў

Ля гарачай грубкі,

Закруціць бы зноў любоў

З маладзенькай любкай.

 

З другам добрым, франтавым

Выпіць, павячэраць

І пабыць у доме тым

Маладым яшчэ раз.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан