epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Дзяўчаты мыюць танк...

Дзяўчаты мыюць танк

Ля Дома афіцэраў.

Стаіць герой атак

На пастаменце шэрым.

 

Даўно закончан бой,

І танк астыў ад злосці,

Стаў славай гарадской

І часткай прыгажосці.

 

Дзяўчаты мыюць танк,

Смяюцца без прычыны,

Смяюцца проста так,

Бо сонца за плячыма,

 

Бо ўжо ў садах балююць

Шпакі,

Бо дзень іскрысты,

Бо танк фатаграфуюць

Замежныя турысты...

 

А збоку на дзяўчат

У нейкім неспакоі

Глядзіць былы салдат

З апаленай шчакою.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан